Рух “За Свабоду” Пра стварэнне руху было абвешчана 25 сакавіка 2006 года. З той пары пачалася арганізацыйная праца. Праведзены чатыры ўстаноўчых сходы. Аднак толькі ў снежні 2008 года рух "За свабоду" быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі. Узначальвае рух былы кандыдат у прэзідэнты ад Аб'яднаных дэімакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.
Стратэгічнымі мэтамі руху "За Свабоду" з'яўляецца дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі, узмацненне незалежнасці краіны, развіццё грамадзянскай супольнасці і абарона правоў чалавека, а таксама — паступовая інтэграцыя Беларусі ў Еўрасаюз. На сённяшні момант рух прадстаўлены ў 64 са 118 раёнаў Беларусі і ў Мінску. У дзейнасці руху ўзялі ўдзел больш за 1200 грамадзян па ўсёй краіне. Бальшыня актывістаў руху (61%) з'яўляюцца беспартыйнымі, сярод іх шостая частка прымае таксама ўдзел і ў дзейнасці іншых НДА. 21% прадстаўлены актывістамі палітычных партыяў. Каля 18% з'яўляюцца сябрамі моладзевых грамадска-палітычных арганізацыяў ды ініцыятываў. Цягам 2007-2008 гадоў рэгіянальнымі актывістамі руху было праведзена больш за 50 лакальных і рэгіянальных мерапрыемстваў. Шмат працы праводзілася па папулярызацыі "пазітыўнай альтэрнатывы і еўрапейскага выбару для Беларусі". Агулам было распаўсюджана больш за 15 тысячаў інфармацыйных буклетаў. Ад лістапада 2008 года адбываюцца штотыднёвыя "Еўрапейскія-Ўік-энды". Па ініцыятыве руху "За Свабоду" была створана "Рада Еўрапейскай Інтэграцыі". На сённяшні дзень рух "За Свабоду" стала супрацоўнічае з выдаўцамі 48 рэгіянальных бюлетэняў. Інфармацыйныя матэрыялы рэгулярна распаўсюджваюцца накладам 100-120 тыс. асобнікаў на месяц. Каардынацыйная сетка руху мае магчымасць вырабіць і распаўсюджваць да 500 тыс. разавых накладаў інфармацыйных матэрыялаў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 году быў створаны і дзейнічае Камітэт абароны рэпрэсаваных. На сённяшні дзень па дапамогу ў Камітэт звярнулася больш за 1500 чалавек. Прыярытэтнымі для руха "За Свабоду" застаюцца наступныя накірункі дзейнасці па дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Беларусі: інфармацыйны; адукацыйны; праваабарончы; аналітычны; культурніцкі. Рух "За Свабоду" будзе працягваць развіццё дыялогу з уладамі Беларусі, Еўрасаюзам і ЗША з мэтай паскарэння працэсаў дэмакратызацыі краіны, пашыраць і легалізаваць свае структуры ў рэгіёнах. Мілінкевіч Аляксандр Уладзіміравіч
КантактыСайт: www.milinkevich.org Тэлефоны: Мілінкевіч Аляксандр Уладзіміравіч (старшыня) - +375-17-280-88-63 Эл.пошта: info@milinkevich.org
|